Спікер польскага Сейма імкнецца абмежаваць колькасць тэматычных груп, якія ствараюць народныя абраннікі. Дэпутаты б'юць рэкорды па колькасці створаных груп. З'яву хоча абмежаваць Прэзідыум Сейма — паведамляе Rzeczpospolita.
Газета прыводзіць у якасці прыкладу Парламенцкую групу па абароне польскага біфштэкса па-татарску (pol. tatar - страва з сырога мяса, калісьці каніны, цяпер як правіла з ялавічыны – рэд.) і права на спажыванне мяса. Гэта група, якую нядаўна стварылі дэпутаты ад партыі "Канфедэрацыя". Усяго дэпутацкіх ці парламенцкіх груп (гэта значыць, з удзелам сенатараў) ужо створана 258, і з кожным скліканнем парламенту іх колькасць расце. Напрыканцы кіравання кааліцыі PO–PSL (Грамадзянская платформа – Польская сялянская партыя) такіх груп было 163, а пасля прыходу да ўлады PiS (Права і справядлівасць) — ужо 242. Пазней іх стала 268. Гэта на дзесяць больш, чым у парламенце актуальнага склікання.
Паводле інфармацыі выдання, Прэзідыум Сейма, спікер Шыман Галоўня і яго намеснікі, лічыць, што груп створана зашмат, а некаторыя з іх, напрыклад, прысвечаныя спажыванню мяса, падрываюць аўтарытэт Сейма. "Прэзідыум плануе змяніць рэгламент Сейма, каб узмацніць кантроль над такой дзейнасцю," — інфармуе газета.
Праект змяненняў у рэгламент Сейма, які ўжо паступіў на разгляд, прадугледжвае, што Прэзідыум зможа адмовіць у стварэнні групы. Групы павінны будуць складацца як мінімум з пяці дэпутатаў і раз на год прадстаўляць справаздачу аб сваёй дзейнасці.
нг